Discover millions of ebooks, audiobooks, and so much more with a free trial

Only $11.99/month after trial. Cancel anytime.

Більярд а палове дзесятай
Більярд а палове дзесятай
Більярд а палове дзесятай
Ebook415 pages5 hours

Більярд а палове дзесятай

Rating: 0 out of 5 stars

()

Read preview

About this ebook

Раман заходнегерманскага пісьменніка Генрыха Бёля, апублікаваны ў 1959 годзе. Фармальна дзеянне рамана адбываецца на працягу аднаго дня - 6 верасня 1958 г., аднак, выкарыстоўваючы ўспаміны герояў, апавяданне захоплівае і падзеі мінулых гадоў. У цэнтры яго гісторыя сям'і Фэмель з канца 19 стагоддзя і да 1958 года. Яна адлюстроўвае агіду Бёля да перыяду нацызму, як і да вайны ў цэлым.

LanguageБеларуская мова
Publisherkniharnia.by
Release dateFeb 27, 2016
Більярд а палове дзесятай

Related to Більярд а палове дзесятай

Related ebooks

Reviews for Більярд а палове дзесятай

Rating: 0 out of 5 stars
0 ratings

0 ratings0 reviews

What did you think?

Tap to rate

Review must be at least 10 words

    Book preview

    Більярд а палове дзесятай - Генрых Бёль

    1

    Тае раніцы Фэмель першы раз быў з ёй няветлівы, амаль што грубы. Ён пазваніў ёй каля паловы дванаццатай, і ўжо сам голас яго абяцаў нешта нядобрае; гэты тон быў ёй нязвыклы і рабіў моцнае ўражанне якраз таму, што словы былі такія самыя карэктныя, як і раней; у голасе Фэмеля ўся ветлівасць была зведзена да сухой формулы – быццам ён прапаноўваў ёй не ваду, а Н2О.

    – Калі ласка, – сказаў ён, – пашукайце, там у Вас у шуфлядзе ляжыць чырвоная картка – тая, што я Вам даваў чатыры гады назад.

    Яна выцягнула праваю рукой тую шуфляду, адсунула ўбок плітку шакаладу, ваўняную анучку, бутэлечку з вадкасцю для чысткі металу і ўзяла ў рукі чырвоную картку.

    – Калі ласка, прачытайце, што там напісана.

    І яна прачытала дрыготкім голасам: «Гэты нумар дазваляецца паведаміць маёй маці, бацьку, дачцэ, сыну і пану Шрэле. Болей нікому».

    – Калі ласка, паўтарыце апошнія два словы. Яна паўтарыла: «Болей нікому».

    – Дарэчы, адкуль Вам было вядома, што гэта нумар тэлефона гатэля «Прынц Генрых»?

    Яна не адказвала.

    – Звяртаю Вашую ўвагу на тое, што Вы павінны выконваць мае ўказанні, нават калі я даваў іх чатыры гады назад.

    Яна не адказвала.

    – Проста няведама што...

    «Хіба ён гэтым разам забыў дадаць сваё «калі ласка»?»

    Ёй пачулася, быццам недзе далёка нехта гаворыць, потым да вушэй даляцеў голас, які клікаў: «Таксі! Таксі!»; потым – кароткія гудкі. Яна паклала трубку, пасунула чырвоную картку на сярэдзіну стала, адчуваючы нібы нейкую палёгку. Тая няветлівасць, з якою яна сутыкнулася ўпершыню за апошнія чатыры гады, падалася ёй мала што не пяшчотаю.

    Калі яе што-небудзь выбівала з раўнавагі або моцна надакучваў дакладна распісаны парадак працы, яна выходзіла за дзверы, каб пашараваць масянжовую шыльдачку: «Д-р Роберт Фэмель. Бюро статычных разлікаў. Працуе да абеду». Паравозны дым, вільготны смог аўтамабільных газаў, вулічны пыл – усё гэта штодня давала ёй падставу даставаць са стала ваўняную анучку і металамыйны сродак; і яна любіла расцягваць гэтую працу на пятнаццаць – дваццаць хвілін, a то і на паўгадзіны. Праз запыленыя шыбы дома на другім баку – Модэстгасэ, 8 – яна бачыла вялікія і шумныя друкарскія машыны, якія нястомна друкавалі на белай паперы дакументы для будоўляў; яна адчувала роўны ляскат, і часам ёй здавалася, што яна – на борце карабля, які плыве ў моры альбо яшчэ толькі збіраецца адплысці. Грузавікі, практыканты, манашкі; вулічны pyx; y скрынях крамаў гародніны – апельсіны, памідоры, капуста. А побач, перад Грэцавай лаўкай, якраз падвешваюць вялізнага дзіка; цёмная кроў яго кропля за кропляй сцякала на асфальт. Ёй былі даспадобы гоман і бруд гэтай вуліцы. Нязгода і ўпартасць заварушыліся ў яе свядомасці, яна падумала пра магчымасць звальнення... пайсці працаваць у якой-небудзь бруднаватай крамцы, дзе ўваход з двара, дзе прадаюць электракабель, прыправы да супоў або цыбулю, дзе неахайныя гаспадары з абвіслымі шлейкамі і з галовамі, запоўненымі штораз новымі турботамі, маюць схільнасць да заляцанняў, ад якіх, прынамсі, можна адбівацца; дзе трэба змагацца за гадзіну ў прыёмнай зубнога ўрача; дзе збіраюцца грошы на заручыны каляжанкі, на адпяванне нябожчыка ў сваёй кватэры або на кніжку пра каханне; дзе брудныя жарты калегаў нагадваюць табе пра тваю цноту. Жыццё. Абы не гэты бездакорны парадак, не гэты шэф, бездакорна апрануты і бездакорна ветлівы, – з якім пачуваеш сябе несамавіта; яна нюхам ветрыла за гэтай ветлівасцю пагарду, якую ён даваў адчуць кожнаму, з кім меў дачыненне. Але ж з кім, апроч яе, ён увогуле мог мець дачыненне? Колькі яна памятала, ён ніколі ні з кім не размаўляў, акрамя як са сваім бацькам, сынам і дачкой. Яна ні разу не бачыла яго маці, што дажывала свой век недзе ў санаторыі для псіхічнахворых; ну а той пан Шрэла, пра якога таксама згадвалася на чырвонай картцы, ніколі пра Фэмеля не пытаўся. Шэф не прызначаў прыёмных гадзін, а кліентаў, якія хацелі гаварыць з ім па тэлефоне, яна мусіла прасіць звяртацца да яго ў пісьмовай форме.

    Злавіўшы яе на якой-небудзь памылцы, ён заўсёды толькі даравальна махаў рукой, гаворачы: «Нічога, нічога. Перарабіце гэта, калі ласка». Такое здаралася нячаста, бо свае нешматлікія памылкі яна звычайна заўважала сама. Дадаваць сваё «калі ласка» ён, аднак, не забываў ніколі. Калі ёй было трэба, ён адпускаў яе з працы на некалькі гадзін або нават дзён; калі памерла яе маці, ён сказаў: «Зачынім бюро на чатыры дні... а можа, Вы б хацелі на тыдзень?» Але ёй не трэба было вольнага тыдня, нават тых чатырох дзён: хапіла і трох, дый тыя тры дні здаліся ёй у апусцелай кватэры вечнасцю. На жалобную імшу і на хаўтуры Фэмель, вядома ж, з'явіўся ў бездакорна чорным гарнітуры; прыйшлі таксама яго бацька, сын і дачка з велізарнымі вянкамі, якія яны сваімі рукамі ўсклалі на магілу; потым усе слухалі набажэнства, а стары Фэмель, шэфаў бацька, які ёй падабаўся, шапнуў ёй на вуха: «Мы, Фэмелі, ведаем, што такое смерць, мы, дарагое дзіцятка, з ёй запанібрата».

    Фэмель ніколі не казаў нічога супраць яе і ішоў насустрач ва ўсім, пра што б яна ў яго ні прасіла; таму з цягам часу ёй станавілася ўсё цяжэй прасіць у яго якіх-небудзь ільготаў; ён паступова скарочваў яе працоўны дзень: першы год яна працавала яшчэ з васьмі да шаснаццаці, але ўжо два гады прайшло з тае пары, як яе чыннасці былі арганізаваныя так рацыянальна, што яна добра паспявала зрабіць усё з васьмі да трынаццаці, і ў яе было яшчэ досыць часу на тое, каб панудзьгаваць і аддаваць цэлыя паўгадзіны на чыстку масянжовай шыльдачкі. На ёй немагчыма было ўжо згледзець ніводнай, нават самай маленькай плямкі! ...Уздыхнуўшы, яна закруціла корак на бутэлечцы, акуратна згарнула анучку; па-ранейшаму грукаталі друкарскія машыны, бязлітасна друкуючы на белай паперы дакументацыю; па-ранейшаму цякла на асфальт кроў з дзіка. Практыканты, грузавікі, манашкі, вулічны рух.

    Чырвоная картка ляжала на пісьмовым стале: яго бездакорны чарцёжны шрыфт: «Болей нікому». Нумар тэлефона, які яна ў гадзіны нуды, саромеючыся свае дапытлівасці, пасля напружаных пошукаў здолела высветліць: гатэль «Прынц Генрых». Назва гэтая яшчэ больш распальвала яе цікаўнасць: што ён рабіў кожнае раніцы паміж паловай на дзесятую і адзінаццаццю ў гатэлі «Прынц Генрых»? Халодны голас у трубцы: «Няведама што...» Ці ён напраўду гэтым разам не дадаў свайго «калі ласка»? Toе парушэнне прынятага стылю абнадзейвала яе, рабілася нейкай уцехай у працы, якую б таксама добра мог выконваць і аўтамат.

    Лісты паводле двух узораў, якія за чатыры гады не змяніліся ані трохі – іх яна была знайшла яшчэ ў паперах сваёй папярэдніцы.

    Першы ўзор – да кліентаў-заказчыкаў: «Шчыра дзякуем за выказаны нам давер. Будзем прыкладаць усе намаганні, каб адказаць на яго своечасовым і дакладным выкананнем Вашага даручэння. З глыбокай павагай...» Другі ўзор, паводле якога яна павінна была пісаць лісты, дасылаючы кліентам гатовыя статычныя разлікі: «Гэтым дасылаем Вам неабходную дакументацыю да будоўлі X. Ганарар у суме Y просім пералічыць на наш рахунак у банку. З глыбокай павагай...» Зразумела, яна павінна была падстаўляць замест X: «дом для выдаўца на ўскраіне лесу», «дом для настаўніка на беразе ракі», «чыгуначны віядук над Голлебэнштрасэ». Замест Y яна ўпісвала суму ганарара, якую яна сама вылічвала з дапамогай простага ключа.

    Апроч гэтага, была яшчэ перапіска з трыма Фэмелевымі супрацоўнікамі: Кандэрсам, Шрытам і Гохбрэтам. Яна была абавязана надсылаць ім даручэнні па чарзе, у парадку іх паступлення. Як сказаў Фэмель, «гэтак справядлівасць будзе дзейнічаць аўтаматычна, і лёс можа заўсёды быць на баку кожнага». Калі прыходзіла гатовая дакументацыя, яе трэба было перасылаць на праверку Шрыту, Гохбрэтавы – Кандэрсу, Шрытавы – Гохбрэту. Да абавязкаў належала таксама весці картатэку, запісваць у кнігу рахункі, рабіць фотакопіі рысункаў і фотакопіі кожнага праекта ў прыватны архіў Фэмеля, памерам з двайную паштоўку. Найбольш працы было, аднак, з наклейваннем марак на канверты: раз за разам яна праводзіла адваротным бокам зялёнага, чырвонага, блакітнага «хойса» па вільготнай губцы, старанна наклейвала марку на правым верхнім рагу жоўтага канверта; трохі ўразнастайвала яе працу тое, што сярод марак раз-пораз трапляліся карычневыя, фіялетавыя або жоўтыя «хойсы».

    Фэмель узяў сабе за прынцып не заставацца ў бюро штодня даўжэй, як на адну гадзіну; ён ставіў свой подпіс пад шматлікімі «з глыбокай павагай...», пад ганарарнымі рахункамі. Калі ў бюро паступала даручэнняў больш, чым ён мог апрацаваць за адну гадзіну, Фэмель іх не прымаў. На гэты выпадак у бюро меліся адбітыя на гектографе карткі з тэкстам: «У сувязі з перагружанасцю мы, на жаль, вымушаны адмовіцца ад Вашага шаноўнага даручэння. Подпіс Ф.».

    Ніводнага разу, седзячы насупраць яго ўранку, ад паловы дзевятай да паловы дзесятай, яна не бачыла, каб ён займаўся чым-небудзь іншым, спраўляў звычайныя чалавечыя патрэбы: еў або піў; у яго ніколі не было нават катару; чырванеючы, яна думала пра больш інтымныя рэчы. Toе, што ён курыў, не магло ўсяго гэтага кампенсаваць: занадта бездакорна выглядала бялюткая цыгарэта, адно попел і недапалак на дне папяльнічкі давалі ёй пэўную ўцеху: прынамсі, гэта былі нейкія адкіды; яны даводзілі, што нешта было спажыта. Paней яна працавала ў розных уплывовых шэфаў, пісьмовыя сталы іх нагадвалі камандзірскія масткі, абліччы якіх будзілі сполах; але нават гэтыя вялікія людзі калі-нікалі выпівалі кубак гарбаты або філіжанку кавы ці з'ядалі які бутэрброд; яе моцна ўражвала, калі яна бачыла, што гэткія магутныя людзі ядуць або п'юць: на стале заставаліся хлебныя крошкі, каўбасныя шкуркі ці рэшткі тлушчу ад з'едзенай вяндліны; гэтыя вялікія людзі мусілі мыць рукі, выцягваць з кішэняў насоўкі. Штосьці дэмакратычна-прымірэнчае выглядала з-пад гранітных ілбоў тых, што камандавалі цэлымі арміямі; яны выціралі сабе губы, што былі часткай тых абліччаў, якія калі-небудзь, адлітыя ў бронзе і ўстаноўленыя на п'едэсталах, будуць сведчыць пра іх веліч перад будучымі пакаленнямі. Фэмель жа, сыходзячы а палове дзевятай з кватэры ў бюро, ніколі не даваў падстаў заўважыць, што ён толькі што паснедаў; ён ніводнага разу не быў ні занадта нервовы, ні занадта сканцэнтраваны, як гэта часцяком бывае ў такіх людзей; яго подпіс, нават калі ён саракавы раз ставіў яго пад словамі «з глыбокай павагай...», быў аднолькава чытэльны і акуратны. Фэмель курыў, падпісваў паперы, вельмі рэдка зазіраючы ў планы праектаў, і дакладна а палове дзесятай насоўваў капялюш, апранаў плашч, гаварыў «ну, да заўтрага» і выходзіў. Паміж паловай на дзесятую і адзінаццаццю яго можна было знайсці ў гатэлі «Прынц Генрых», з адзінаццаці да дванаццаці – у Цонавай кавярні, інфармацыя тычылася толькі яго «маткі, бацькі, дачкі, сына і пана Шрэлы»; пасля дванаццаці ён выходзіў на шпацыр, а першай гадзіне ён прыходзіў у рэстаран «Пад ільвом» – каб папалуднаваць разам з дачкой.

    Яна не ведала, як ён праводзіў увесь астатні час пасля абеду і ўвечары; ёй было вядома толькі, што кожнае раніцы a сёмай ён ходзіць слухаць імшу, ад паловы восьмай да васьмі сядзіць з дачкой, з васьмі да паловы дзевятай снедае, сам з сабой. Неспадзяванай кожны раз для яе была тая радасць, з якой Фэмель успрымаў вестку пра сынаў прыезд; тады ён раз-пораз расчыняў акно, выглядаў на вуліцу, узіраючыся ўдалеч аж да Мадэставай брамы; у кватэры паяўляліся кветкі, на час сынавага побыту наймалася пакаёўка; ад узбуджанасці ў яго чырванеў рубчык на пераноссі; у пакоях змрачнаватага дома было поўна жанчын-прыбіральшчыц, яны збіралі парожнія пляшкі з-пад віна і выстаўлялі іх у калідоры – для гандляра старызнаю; бутэлек тых збіралася ўсё болей; спачатку іх ставілі ў радкі па пяць, потым – па дзесяць штук, бо даўжыні калідора ўжо не хапала: гэта быў цёмна-зялёны мёртвы лес-штыкетнік, вяршыні якога яна, чырванеючы ад сваёй непрыстойнай цікаўнасці, пералічыла: дзвесце дзесяць бутэлек, апарожненых за час ад пачатку мая да пачатку верасня – больш як адна штодня.

    Ад Фэмеля ніколі не пахла алкаголем, рукі ў яго ані не дрыжалі. Цёмна-зялёны мёртвы лес рабіўся нерэальны... Ці яна сапраўды яго бачыла альбо ён існаваў толькі ў яе снах? Яна ніколі на свае вочы не бачыла ні Шрыта, ні Гохбрэта, ні Кандэрса; усе яны жылі паасобку, далёка адзін ад аднаго, у невялікіх каморках. За ўвесь час толькі два разы здарылася, што адзін з іх знайшоў памылку ў другога: калі Шрыт няправільна разлічыў падмурак гарадскога басейна і Гохбрэт убачыў памылку. Яна была вельмі ўсхваляваная праз гэта, але Фэмель адно папрасіў яе вызначыць, якія лічбы – з пазначаных на палях чырвоным алоўкам – былі напісаныя Шрытавай рукой, а якія – Гохбрэтавай; тады яна ўпершыню ўсвядоміла, што Фэмель – таксама добры спецыяліст у гэтай галіне: паўгадзіны ён праседзеў за сталом з лагарыфмічнай лінейкай і навостранымі алоўкамі, а пасля сказаў: «Гохбрэт мае рацыю, басейн абваліўся б самае позняе праз тры месяцы». І – ні словам не папракнуў Шрыта, ні словам не пахваліў Гохбрэта. Падпісваючы ўласнаручна – гэты адзін-адзіны раз – дакументацыю на будоўлю, Фэмель засмяяўся, і ад смеху гэтага ёй зрабілася гэтаксама несамавіта, як і ад яго штодзённай ветлівасці.

    Другі раз памылка здарылася ў Гохбрэта: калі ён рабіў разлікі статычных нагрузак віядука над чыгункай каля Вільгельмавага рова, і памылку гэтую тады знайшоў Кандэрс; яна другі раз за чатыры гады ўбачыла, як Фэмель схіліўся над паперамі за пісьмовым сталом. Ёй зноў прыйшлося ідэнтыфікаваць нанесеныя чырвоным алоўкам Гохбрэтавы і Кандэрсавы лічбы; пасля гэтага здарэння Фэмелю прыйшла ў галаву ідэя прызначыць кожнаму супрацоўніку свой колер алоўка: Кандэрсу – чырвоны, Гохбрэту – зялёны,Шрыту – жоўты.

    Трымаючы ў роце кавалачак шакаладу, яна ўпісвала: «Дача кінаактрысы», смокчучы другі кавалачак – «Пераробка будынка грамадскага прызначэння «Сас'етас». Як бы там ні было, кліенты розніліся прозвішчамі і адрасамі, а атрыманыя планы праектаў будзілі ў ёй адчуванне, што яна ўдзельнічае ў чымсьці сапраўдным: цэглу, пліты з штучных матэрыялаў, сталёвыя бэлькі, клінкер, мяшкі з цэментам – гэта ўсё можна было сабе ўявіць, але абліччы Шрыта, Кандэрса, Гохбрэта – хоць яна штодня пісала іх адрасы на канвертах – заставаліся для яе нерэальныя. Яна ніколі не бачыла гэтых людзей у бюро, яны ніводнага разу не тэлефанавалі, не пісалі. Пры разліках і рысунках, што яны дасылалі ў бюро, не было ніякіх каментараў. «Навошта нам лісты? – сказаў неяк Фэмель. – Hе будзем жа мы тут займацца збіраннем споведзяў».

    Часам яна брала з паліцы энцыклапедыю і шукала назвы мясцовасцей, якія кожны дзень пісала на канвертах: «Шыльгенаўэль. 87 жыхароў, у тым ліку 83 катол., парафіяльная царква XII ст. са знакамітым алтаром». У Шыльгенаўэлі жыў Кандэрс, звесткі пра яго асобу яна ведала з страхавой карткі: «37 гадоў, нежанаты, катал. веравызн.». Шрыт жыў на поўначы, у Глудуме: «1988 жыхароў, у тым л. 1812 пратэст., 176 катол., фабрыка марынадаў, місіянерская школа». Шрыту было 48 гадоў, жанаты, пратэст., двое дзяцей, адно – ва ўзросце зв. 18 г. Месца жыхарства Гохбрэта ёй не трэба было спраўджваць у энцыклапедыі: ён кватараваў у прадмесці Блесэнфэльд – адгэтуль усяго 35 хвілін аўтобусам; часцяком ёй у галаву прыходзіла дурнаватая думка: наведаць яго дома, упэўніцца ў ягоным існаванні, пачуць голас, паціснуць руку. Зрабіць гэткі нахабны ўчынак ёй не даваў толькі яго малады ўзрост – яму было толькі трыццаць два – і тая акалічнасць, што ён быў нежанаты. Хоць мясцовасці, дзе жылі Кандэрс і Шрыт, былі апісаныя ў энцыклапедыі гэтаксама, як у пашпарце пазначаюцца звесткі пра асобу чалавека, а Блесэнфэльд яна добра ведала, – нягледзячы на гэта, ніводнага з тых трох чалавек яна не магла сабе колькі-небудзь рэальна ўявіць; пры тым, што кожны месяц ёй даводзілася пераводзіць за іх страхавыя ўзносы, рабіць розныя паштовыя аперацыі, перасылаць ім часопісы і табліцы; яны заставаліся такія самыя нерэальныя, як той пан Шрэла, прозвішча якога стаяла на чырвонай картцы, і якога Фэмель быў гатовы бачыць у любы час, і які, аднак, за апошнія чатыры гады не зрабіў ніякай спробы з ім сустрэцца.

    Яна пакінула на пісьмовым стале чырвоную картку, што стала прычынай першай грубасці з шэфавага боку. Як гэта было прозвішча таго пана, які каля дзесяці прыйшоў у бюро і сказаў, што яму трэба бачыць Фэмеля ў вельмі, вельмі пільнай справе? Ён быў высокі, меў светлаватыя валасы і трохі пачырванелы твар, ад яго ішоў пах самых дарагіх рэстарацыйных далікатэсаў, а надзвычайна высокая якасць гарнітура адчувалася проста носам; уладарнасць, годнасць, прыцягальнасць моцнага спалучаліся ў ім гэткім чынам, што яму немагчыма было ў чым-небудзь адмовіць; тытул, які госць з усмешкай прамармытаў, меў нешта агульнае з міністрам – міністэрскі радца, кіраўнік спраў ці намеснік міністра; калі ж яна рашуча была адмовілася гаварыць пра шэфава месца побыту, ён нечакана пайшоў проста на штурм, спытаўшыся адразу: «Ну, цудоўная паненка, скажыце мне тады, калі ласка, дзе яго можна знайсці», і яна... здрадзіла, сама не ведаючы, як гэта магло здарыцца, бо таямніцу, што так прыцягвала яе цікаўнасць, яна хавала глыбока на дне сваёй свядомасці: «Гатэль «Прынц Генрых». Тут госць прамармытаў нешта наконт «былога школьнага таварыша», штосьці пра «пільную, вельмі, вельмі пільную справу», пра «інтарэсы абароны», пра зброю; а пасля таго як ён пайшоў, у прыёмнай застаўся пах дыму ад цыгары, да якога гадзіну пазней з захапленнем прынюхваўся Фэмелеў бацька.

    – Божа ж мой, божа, які гэта, відаць, быў гатунак!

    Стары Фэмель абнюхаў сцены, амаль даткнуўся носам да стала, потым насунуў на галаву капялюш. Праз некалькі хвілін ён вярнуўся разам з кіраўніком тытунёвай крамы, у якой вось ужо пяцьдзесят год ён купляў цыгары; яны абодва стаялі якую хвіліну ў дзвярах, уцягваючы носам паветра; пасля хадзілі ўзад і ўперад па пакоі, нібы патрывожаныя сабакі; крамнік залез пад стол, дзе відавочна вісела яшчэ цэлая хмара дыму; нарэшце ён падняўся, абцёр адна аб адну рукі, пераможна ўсміхнуўся і сказаў:

    – Ну, пане радца, гэта былі «Партагас-Эмінэнтэс».

    – І Вы б маглі знайсці такія мне?

    – Вядома ж, у мяне на складзе яны ёсць.

    – Гора Вам, калі ў іх будзе іншы пах, чым той, што я тут сёння ўнюхаў.

    Крамнік яшчэ раз прынюхаўся і сказаў:

    – «Партагас-Эмінэнтэс». Даю галаву на адсячэнне, калі памыляюся, пане радца. Чатыры маркі за штуку – колькі Вы жадаеце?

    – Адну, шаноўны Кольбэ, адну. Чатыры маркі – гэта столькі, колькі зарабляў мой дзед за тыдзень, а я шаную нябожчыкаў, я сентыментальны, Вы ведаеце. Божа мой, гэтая цыгара перабіла пах тых дваццаці тысячаў цыгарэт, што тут выкурыў раней мой сын.

    Яна ўспрыняла як вялікі гонар для сябе тое, што стары Фэмель выкурыў сваю цыгару пры ёй; ён сядзеў, адкінуўшыся ў сынавым фатэлі, які быў яму завялікі; яна падсунула яму пад плечы падушку і слухала ягоную гаворку, выконваючы найбольш адтрэніраваны свой абавязак: наклейванне марак на канверты. Яна павольна праводзіла адваротным бокам зялёнага, чырвонага, блакітнага «хойса» па губцы, наклейвала яго акуратна на правым верхнім рагу лістоў, якія чакала падарожжа ў Шыльгенаўэль, Глудум або Блесэнфэльд. Яна рабіла гэта рупна і дакладна, а ў гэты час стары Фэмель у фатэлі аддаваўся асалодзе і раскошы, якіх ён дарэмна шукаў апошнія пяцьдзесят гадоў.

    – Божа мой! – ускрыкнуў ён. – Дарагое дзіцятка, я нарэшце ведаю, што такое цыгара! Так доўга я мусіў чакаць гэтага – аж да самага дня, калі мне споўнілася восемдзесят год... не трэба турбавацца, мілая мая, але напраўду мне сёння споўнілася восемдзесят – хіба гэта не Вы хадзілі сёння заказваць кветкі на даручэнне майго сына? Ну, хай сабе... Пра мой дзень нараджэння пагаворым пазней, добра? Ад сэрца хачу запрасіць Вас на святочную вячэру, сёння а сёмай, у кавярні «Кронэр» – але ж скажыце мне, калі ласка, чаму за тыя пяцьдзесят, а дакладней – за той пяцьдзесят адзін год, што я купляю цыгары ў гэтай краме, такой вось мне не прапаноўвалі ні разу? Можа, яны думаюць, што я скнара? Ніколі ў жыцці ім не быў, даражэнькая Леанора, Вы ведаеце гэта. Малады я курыў цыгары па дзесяць пфенігаў, калі пачаў зарабляць трохі болей, пачаў курыць цыгары па дваццаць, пасля – доўгія гады – па шэсцьдзесят. Мілае дзіцятка, скажыце мне, што гэта за людзі – тыя, што з гэткай во штукай за чатыры маркі ў роце шпацыруюць па вуліцы, заходзяць у бюро і выходзяць з яго – як быццам гэта яны смаляць грашовую цыгарку? Што гэта за людзі, якія паміж снеданнем і абедам пускаюць дымам тры тыднёвыя заробкі майго дзеда і пакідаюць па сабе такі пах, што старому чалавеку займае дых і ён, не раўнуючы як ганчак, пачынае абнюхваць кожны закутак у кабінеце свайго сына? Як? Робертаў школьны таварыш? Міністэрскі дарадца, кіраўнік спраў ці намеснік міністра; можа, нават міністр? Я яго павінен ведаць. Інтарэсы абароны? Зброя?

    І раптам вочы ў яго заблішчалі, быццам з іх упала нейкая заслона: стары ў думках вяртаўся ў першае, трэцяе або шостае дзесяцігоддзе свайго жыцця, праводзіў у апошнюю дарогу сваіх дзяцей. Каго? Ёганну ці Генрыха? На чыю белую труну кідаў ён зараз жменьку зямлі і кветкі ўроссып? Ці тыя слёзы, што цяпер стаялі ў яго ўваччу, былі слязьмі з 1909 года, калі ён хаваў сваю Ёганну; ці з 1917 года, калі ён стаяў над Генрыхавай магілай? А можа, гэта былі слёзы з сорак другога года, калі ён атрымаў паведамленне аб смерці Оты? Альбо ён плакаў цяпер каля брамы псіхіятрычнай бальніцы, за якой толькі што знікла яго жонка? Слёзы, што засцілі яму вочы, пакуль ад цыгары цягнуліся лёгкія воблачкі дыму, былі слязьмі з 1894 года; тады ён пахаваў сваю сястру Шарлоту, дзеля якой ён ашчаджаў залатоўкі, каб потым зрабіць лягчэйшым яе жыццё; труна ссоўвалася ў дол на рыпучых вяроўках пад спеў школьнага хору: «Вежы, скажыце, куды адляцела саколка?»; шчабятанне дзіцячых галасоў залятала ў вокны і ў дзверы гэтага бездакорна абсталяванага бюро, а старэчы голас спяваў тую песню з далечыні мінулага паўстагоддзя; толькі гэты кастрычніцкі ранак 1894 года быў сапраўдны: смужнае мроіва над Ніжнім Рэйнам, палосы туману над бураковымі палеткамі, у вербах крумкаюць варанячыя зграі, нібы запусныя бразготкі; Леанора ў гэтую хвілю праводзіла чырвоным «хойсам» па вільготнай губцы. За трыццаць год перад тым, як яна нарадзілася, вясковыя дзеці спявалі: «Вежы, скажыце, куды адляцела саколка?» Яна правяла па губцы зялёным «хойсам». Увага, лісты да Гохбрэта аплачваюцца паводле тарыфу для мясцовай карэспандэнцыі.

    Калі такое находзіла на старога Фэмеля, ён быў падобны да сляпога; Леаноры вельмі хацелася збегаць па кветкі ў краму, купіць яму ладны букет, але яна баялася пакідаць яго самога. Стары распасцёр рукі ў паветры, яна асцярожна падсунула яму папяльнічку; ён, ізноў узяўшы цыгару ў рот, зірнуў на Леанору і прамовіў ціха:

    – Hе думай, дзіцятка, што я з'ехаў з глузду.

    Леанора любіла яго. Ён часцяком заходзіў па яе ў бюро, прасіў злітавацца з яго бухгалтэрыі, што нядбайна вялася там, на другім баку вуліцы, высока над друкарняй, дзе ён кватараваў у «атэлье сваёй маладосці»; стары Фэмель яшчэ захоўваў дакументы, якія рэвізавалі падаткавыя агенты, чые магілы былі забытыя, перш чым яна навучылася пісаць; акцыі ў ангельскіх фунтах, у доларах, пакеты на плантацыі ў Сальвадоры; там, уверсе, Леанора корпалася ў запыленых рахунках, расшыфроўвала запісаныя ад рукі выняткі з рахункаў у даўно ліквідаваных банках, чытала тэстаманты, дзе ён завяшчаў грошы альбо маёмасць сваім дзецям – тым, каго ён перажыў на сорак гадоў. «Сыну майму Генрыху аддаю ў неабмежаванае карыстанне абедзве сядзібы з зямлёю, Штэлінгер Гротэ і Гёрлінгер Штуль – бо прыкмеціў у ім тыя спакой і радасць, якія надае яму бачанне развіцця тых рэчаў, што мне здаюцца неабходным варункам жыцця гаспадара на зямлі...»

    – Тут, – ускрыкнуў стары, узмахнуўшы цыгараю, – тут я дыктаваў тэстамант майму цесцю, увечары, напярэдадні таго, як я адыходзіў у войска. Я дыктаваў, а мой хлопчык тады спаў наверсе; назаўтра ўранку ён яшчэ праводзіў мяне на вакзал... пацалаваў мне ў шчаку – вуснамі сямігадовага дзіцяці, – але ніхто, чуеш, Леанора, ніхто не прыняў маіх дарункаў: усё вярнулася да мяне – маёнткі і рахункі ў банках, працэнты з рэнтаў і падаткаў. Я ніводнага разу не змог чаго-небудзь ахвяраваць; толькі мая жонка магла рабіць гэта, і яе дарункі прымаліся – але калі я ўночы ляжаў каля яе, я не раз чуў, як яна нешта мармытала: доўга, лагодна сплываў, як вада, шэпт: «навошта-навошта-навошта...»

    І зноў плакаў стары чалавек, цяпер у вайсковай форме, капітан сапёрных войскаў у запасе, радца Генрых Фэмель; адпушчаны на некалькі дзён дадому ў сувязі са смерцю сямігадовага сына; Кільбава фамільнае гробішча прыняло белую дамоўку: цёмны, вільготны мур і свежыя, нібы сонечныя прамяні, лічбы, год смерці 1917-ты. Роберт, у чорным аксамітавым касцюмчыку, чакаў на вуліцы ў карэце...

    У Леаноры выпала з рук марка, гэтым разам фіялетавая; у яе не ставала адвагі наклеіць яе зараз на ліст да Шрыта; коні, запрэжаныя ў карэту, пырхалі ад нецярплівасці перад могілкавай брамаю, а двухгадоваму Роберту Фэмелю было дазволена патрымацца за лейцы: чорная скура, патрэсканая па краях, і свежае золата лічбаў, што зіхцела ярчэй ад сонечных прамянёў...

    – Чым ён займаецца, што робіць мой сын – адзіны, які застаўся ў мяне, Леанора? Што ён робіць у гатэлі «Прынц Генрых» штораніцы, з паловы дзесятай да адзінаццаці... яму было дазволена зблізку паглядзець, як коням падвязваюцца торбы з аброкам; што ён робіць? Скажыце мне, прашу Вас, Леанора!

    Вагаючыся, яна падняла фіялетавую марку і сказала ціха:

    – Я не ведаю, што ён там робіць. Далібог, не ведаю.

    Стары зноў засунуў цыгару ў рот; усміхаючыся, адкінуўся ў фатэлі – як быццам нічога не адбылося.

    – Як Вы паглядзіце на тое, калі я запрашу Вас на пастаянную работу ў другой палавіне дня? Я б заходзіў па Вас сюды, у бюро, мы б разам палуднавалі, а з другой да чацвёртай або да пятай, як Вы жадаеце, Вы б дапамагалі мне ўпарадкоўваць паперы там, наверсе. Што Вы пра гэта думаеце, мілае дзіцятка?

    Леанора згодна кіўнула галавой:

    – Добра.

    Яна ўсё яшчэ не наважвалася правесці фіялетавым «хойсам» па губцы, наклеіць яго на канверт; паштовы чыноўнік выцягне яго са скрынкі, машына праштэмпелюе ліст: «6.09.1958., 13.00.». А тут сядзіць стары чалавек, які зноў вярнуўся ў канец свайго восьмага – у пачатак свайго дзевятага дзесяцігоддзя.

    – Добра, добра, – сказала яна.

    – Можна, такім чынам, лічыць, што Вы ў мяне на рабоце?

    – Вядома.

    Яна ўглядалася ў яго вузкі твар, дзе яна на працягу гадоў дарэмна імкнулася адшукаць нейкае падабенства з яго сынам; толькі ветлівасць, здавалася, была спадчыннаю рысай Фэмеляў; але ў старога яна была больш фармальная, дзеля аздобы; гэта была ветлівасць старасвецкая, амаль што «грандэцца» – але не ветлівая матэматыка, як у сына, які культываваў сухую гжэчнасць, і толькі бляск яго шэрых вачэй дазваляў здагадвацца, што ён здольны да меншай афіцыйнасці. Стары Фэмель напраўду карыстаўся насоўкай, жаваў канец цыгарэты, часам гаварыў Леаноры кампліменты пра яе прычоску, колер твару; яго гарнітур быў паношаны, і не сказаць – каб трохі, гальштук быў заўсёды няроўна завязаны; пальцы – крыху заплямленыя тушшу, на абшлагах рукавоў – заўсёдныя сляды ад гумкі; алоўкі, цвёрдыя і мяккія, кожны раз тырчалі з кішэні камізэлькі; часам ён выцягваў з сынавага стала аркуш паперы, хуткімі штрышкамі маляваў анёла, божае ягнятка, дрэва або партрэт такога, як сам, пажылога чалавека з вуліцы. Калі-нікалі ён даваў ёй грошы на пірожныя; аднаго разу папрасіў яе купіць другую філіжанку пад каву, і Леанора адчувала сябе шчасліваю, што нарэшце можа ўключыць электрычную кававарку камусьці яшчэ, не толькі сабе самой. Гэткае было жыццё ў бюро, з якім яна звыклася: гатаваць каву, купляць пірожныя і слухаць апавяданні, у якіх усё ішло натуральным парадкам: пра жыцці, пражытыя ў тыльнай частцы дома, пра смерці, якімі там паміралі. Стагоддзямі Кільбы шукалі там продыху і святла, граху і збавення, былі скарбнікамі і натарыусамі, бургамістрамі і канонікамі; там, у тыльнай частцы будынка, у паветры асталося яшчэ нешта ад суровых модлаў пазнейшых прэлатаў; цёмныя грахі Кільбічанак – тых, што засталіся ў дзеўках, і раскайныя практыкаванні пабожных маладзёнаў – у гэтым самым доме, дзе цяпер, штодня ў паабедзеннай цішы бледнатварая дзяўчына з цёмнымі валасамі рабіла школьныя заданні і чакала свайго бацьку. А можа, па абедзе ён сядзеў дома? Дзвесце дзесяць вінных пляшак, апарожненых ад пачатку мая да пачатку верасня... Ці ён выпіў іх сам, а можа, з

    Enjoying the preview?
    Page 1 of 1